Паважаныя бацькі!
Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь i артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі асноўнымі мовамі навучання і выхавання з’яўляюцца дзве дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь: руская і беларуская.
У нашай ўстанове адукацыйны працэс ажыццяўляецца на рускай мове, але чацвёрты тыдзень кожнага месяца мы праводзім тыдзень маўлення па-беларуску, калі з раніцы і да вечара (акрамя асноўных заняткаў) дзеці будуць чуць беларускую мову і самі паспрабуюць на ёй размаўляць. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы (“Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”),на якіх дашкольнікi знаёмяцца з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі.
З чаго пачаць?
Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.
Пачніце з прывітання на роднай мове, чытання кніжак-малютак. Затым звярніцеся да збораў у садок у гульнёвай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
На кухнi маці разам з дачушкай могуць гатаваць ежу, размаўляючы па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
Ідучы па вуліцы з маленькім беларусам, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашага горада, вёскі, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэў у парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы убачыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.
Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.